Справочная литература : Искусство и Дизайн : Эгаiзм (на белорусском языке) : Валентин Окудович

на главную страницу  Контакты  ФоРуМ  Случайная книга


страницы книги:
 0

вы читаете книгу

Валянцiн Акудовiч

Эгаiзм

Мне кажуць (сёньня я чую гэта з усiх бакоў), што Я - найвялiкшая каштоўнасьць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлiгiю i, магчыма, нават за самога пана Бога.

Ня ведаю, можа, якi iншы чалавек i зьяўляецца такой значнай цацай, толькi ня я. Я ня бачу асаблiвай цаны ў нейкай колькасьцi арганiкi, выдзеленай з агульнага кантэксту "жывога рэчыва" даўно набытымi нагавiцамi i зацыраваным швэдарам.

Я - гэта семдзесят кiло костак, тлушчу, цяглiц i вадкасьцi чырвонага колеру, зьмешчаных у колькi там квадратных мэтраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкi нэрваў, два-тры хаценьнi, некалькi запазычаных думак... Вось i ўсё.

А мне i згэтуль i адтуль: ты цэнтар сусьвету, апiрышча быцьця i, зусiм верагодна, ягоны сэнс.

Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб i як той андэрсанаўскi хлопчык, толькi ня весела, а з сумам, пярэчу: "Чалавек голы".

Я ганарлiвы, як засьцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе ня ведаю? Зь якой-такой ласкi - найвялiкшая каштоўнасьць, за што такая пашана?

Магчыма, iншых гэта не цiкавiць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калi чалавек спрычынiўся да сэнсу быцьця, чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?

А было нават так: "I паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваiх сказаў: вось мацi Мая i браты Мае: бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Якi ёсьць у нябёсах, той Мне брат i сястра, i мацi".

Гэта нават больш за адмаўленьне ад сябе - адмаўленьне ад мацi дзеля прыналежнасьцi да iдэi.

Iдэя, сэнс i сутнасьць быцьця знаходзiлiся па-за асобай да той пары, пакуль ня ўзьнiкла пытаньне: цi вольны чалавек у сваiм зямным выбары, цi пан ён над сваiмi немудрагелiстымi ўчынкамi?

З гэтага пытаньня спакваля высьпеў гуманiзм.

Гуманiзм - гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарупiны субстанцыi Бога.

Ува ўлоньнi гуманiзму канчаткова сфармаваўся эгаiзм.

Рэнэсанс, справакаваны iдэяй гуманiзму (цi наадварот?), паспрыяў разьняволеньню эгаiзму, надаў яму iмпульс для выяўленьня раней прытоенага патэнцыялу.

Сэнс чалавека - чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам i абсалютна завершаны. Найвялiкшая каштоўнасьць.

Наймагутную духоўную крызу не змаглi стрымаць нi контррэфармацыя XVI-XVII стагодзьдзяў, нi камунiзм XX. Зрэшты, чаму крыза?

Напэўна, ужо сёньня мы можам разглядаць гiсторыю чалавецтва як эвалюцыю эгаiзму. Ад iнстынкту самазахаваньня да пабытовага эгаiзму i далей праз гуманiзм да татальнай самадастатковасьцi.

Гуманiзм паступова выцiскае хрысьцiянства, як i ўсе iншыя не-эгаiстычныя канцэпцыi прысутнасьцi чалавека ў сьвеце. Апошняй яго ахвярай стаўся калектывiзм.

На зыходзе XX стагодзьдзя эгаiзм няўмольна датрушчвае тыя iдэi, якiя яшчэ месьцяцца па-за асобай. Чалавек перакулiў сьвет на сябе, i эгаiзм заняў мейсца пануючай духоўнай iдэi.

Ёсьць тое, што ёсьць, i калi эгаiзм перамог усе iншыя магчымасьцi быцьця, то, значыць, сапраўды няма ў прасторы i часе нiчога, што было б больш значным за чалавека. Значыць, i сапраўды няма нiчога больш важнага за гэтыя семдзесят кiло костак, тлушчу, цяглiц i вадкасьцi чырвонага колеру, зьмешчаных у колькi там мэтраў бляклай скуры.

Але, але... Рэч у тым, што асабiста я не хачу быць месьцiшчам абсалютнага сэнсу, бо ня бачу ў сабе, зь якога боку нi глядзеў, адпаведнага абсалюту зьместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робiцца выразьнейшым разуменьне канчатковай бессэнсоўнасьцi асобнага чалавека, якая вынiкае зь яго неабавязковай прысутнасьцi ў жыцьцi.

Пакiнуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранiчна проста, быў асабiста ты альбо цябе не было i нiколi ня будзе - усё адно. I таму ў сьветапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цiкавiць маё Я, а калi цiкаўнасьць усё ж узьнiкае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкi эгаiзму.

Я - голы чалавек на скразьняках часу, i калi шукаць нешта вартае ў зьвязку з маёй асобай, то гэта ня я сам, а мой этнас ува мне.

Я - гэта колькi там тысяч год i колькi там соцень каленаў майго роду, i ўся мая каштоўнасьць - гэта каштоўнасьць скарбонкi, у якую ссыпаны скарб, набыты нястомнай працай на працягу невядома якога часу. I калi я прыходжу да высновы, што я ўсяго толькi месьцiшча, дзе мой этнас працягвае iснаваньне з усiмi сваiмi тысячагодзьдзямi i каленамi, то амаль мiжволi вымаўляю: мой бог мой этнас.

Пры ўсёй вiдавочнай дэкляратыўнасьцi гэтай тэзы, не абмiнем увагай i тое, што рытарычна аблегчаная фiгура хавае грувасткi падтэкст. Ён невымоўны, як i кожны падтэкст (трансцэндэнтны Бог - гэта таксама падтэкст iснага)...

Мой бог, у адрозьненьне ад трансцэндэнтнага, мае iнфарматыўны абрыс i лёгiку быцьця. Ён вынiк амаль паэтычнай мэтамарфозы. Рэальная гiсторыя этнасу ў пэрспэктыве часу ператвараецца ў iдэальную сутнасьць. У будучым рэалiстычнае мiнулае набывае iдэалiстычныя рысы. Падзея выкрышталiзоўваецца ў мiт i ў якасьцi мiту доўжыць сваё iснаваньне да верагоднамагчымай бясконцасьцi, вырастаючы зь першапачатковага драбка ў празрыста-важкую шматгранную друзу, кожная грань якой зiхацiць асобым сэнсам.

Мне любы мой бог сваёй дваiстасьцю, сваiм сымбiёзам рэальнага i iдэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокi маёй любасьцi ў iншым. Безь Яго я нiшто, камяк жывога рэчыва, адзiнае прызначэньне якога павялiчыць аб'ём бiясфэры на плянэце Зямля. А прыстаўшы да Яго, я сам раблюся iм.

Этнас - гэта я, памножаны на ўсю гiсторыю майго народа. Этнас - гэта мой адзiны прытулак пасьля сьмерцi, апошняя, хай сабе i даволi ўмоўная, надзея на несьмяротнасьць. Так я толькi памру, а калi ён зьнiкне, то зьнiкну i я.

Памерцi - гэта мая натуральная функцыя, усяго толькi драма майго асабiстага жыцьця. Зьнiкнуць - трагедыя.

Вось чаму мне страшэнна хочацца, каб мой этнас застаўся, бо тады застануся i я, як адна зь незьлiчоных прычынаў Яго.

Я спрычыняюся сваёй матэрыяльнай сутнасьцю да стварэньня яго iдэальнай iснасьцi i застаюся ў гэтай iснасьцi, як казюрка ў залатым бурштыне (прыгожае параўнаньне, але не дакладнае, бо застылае, нерухомае, не пульсуе).

Мяне вабiць магчымасьць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён дадзенасьць, завершаная i непахiсная ад пачатку да канца. А мой бог несупынны рух i памнажэньне ў часе i прасторы, ён тоесны працягласьцi аб'ектыўнай гiсторыi. Але гэта нiчога не тлумачыць у маiм выбары, i я павiнен сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблiчная вечнасьць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасьцi райскаму прытулку ягонага канкурэнта.

Справа тут да сьмешнага празаiчная - я ня веру ў Яго iснаваньне. Я не магу даць веры iснаваньню Бога, якога здолеў перамагчы эгаiзм чалавека. Калi ня Бог, а чалавек найвялiкшая каштоўнасьць, калi семдзесят кiло гуманiстычна заклапочанай арганiкi крочыць наперадзе, а духоўная iдэя валачэцца ў яе за сьпiнай, як цень на зыходзе дня, то мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсьць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькi палохае, калi я часам азiраюся. I яшчэ. Бачыце, я безумоўна i адразу паверыў бы ў iснаваньне трансцэндэнтнага Бога, каб ён намаляваў хаця б адну карцiну, зрабiў скульптуру, якi храм альбо вежу. Мне незразумела, як Творца з такiмi эстэтычнымi здольнасьцямi, з такiм пачуцьцём гармонii i пэрспэктывы змог утрымацца i не паспрабаваць сябе ў дойлiдзтве, жывапiсе, паэзii?

Этнас творыць несупынна. Творчасьць - перадумова яго iснаваньня. Этнас форма, вашчына, у якую кожны з нас дадае кроплю свайго жыцьця як творчага акту.

Ува ўсёй неверагодна складанай (i абсалютна нераспрацаванай) сыстэме ўзаемадачыненьняў памiж Я i Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасьць быць далучаным да духоўнай iдэi, у сьвятле якой мой эгаiзм у фанабэрыстых строях найвялiкшай каштоўнасьцi робiцца да сьмешнага мiзэрным, дробненькiм i ўвогуле чэзьне. Бо гэтаксама як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманiзму, з-пад квятаста размаляванай маскi якога выглядае бляклая пыса панылай экзiстэнцыi.

Экзiстэнцыялiзм (сьветапогляд, фiлязофiя, мастацтва) - гэта жах сямiдзесяцi кiло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасьцю. Вылучаны з агульнага кантэксту этнасу, завершаны, сам-насам чалавек - безумоўна абсурд. Ён мае сутнасьць, але пазбаўлены сэнсу. Шматлiкiя спробы на падставе сутнасьцi чалавека вызначыць ягоны сэнс ня могуць весьцi да посьпеху, бо няможна знайсьцi тое, чаго няма.

Папярэднiя экзiстэнцыялiзму фiлязофii, за выняткам этыкi, не зьвярталi ўвагу на асобу, бо выразна ўсьведамлялi яе ў субстанцыi iснага.

Сам-насам я - нiхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаiстычных хаценьнях, а з этнасам у сэрцы я - ягонае сэрца, якое б'ецца ўва мне. Я - жывое сэрца мiту, якi стварыў мяне, i нiякай каштоўнасьцi ўва мне няма i не магло быць, каб празь мяне не працякала плынь вечнасьцi майго этнасу.

Зрэшты, гэта - патэтыка, спроба вымавiць невымоўнае, падтэкст. I ня варта засяроджвацца на марнай справе. У зьвязку з развагамi пра эгаiзм i этнас мяне цiкавiць зусiм iншае. Этнас - вынiк зьбегу гiстарычных акалiчнасьцяў цi непазьбежнасьць, прадумоўленая нейкiм сэнсам? Гэта важна. Бо ў першым выпадку ён мог i ня быць, на ягоным мейсцы магло быць нешта iншае. У другiм ён, акрамя сэнсу самадастатковасьцi, мае яшчэ нешта, i тады ў Этнаса зьяўляецца пазагiстарычная iдэя. А ў мяне - магчымасьць пазьбегнуць рыторыкi, калi я кажу: мой бог - мой Этнас.


Содержание:
 0  вы читаете: Эгаiзм (на белорусском языке) : Валентин Окудович    
 
Разделы
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 


электронная библиотека © rulibs.com




sitemap